Грамадская дыскусія аб развіцці адукацыі ў Беларусі

02.10.2014

Працоўная група для ажыццяўлення комплекснага аналізу сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь створана ва ўрадзе па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Узначаліў групу намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік.

У склад працоўнай групы ўвайшлі навукоўцы, практыкі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання.

На арганізацыйным пасяджэнні працоўнай групы Анатоль Тозік адзначыў, што нацыянальная сістэма адукацыі ў Беларусі развіваецца вельмі дынамічна, забяспечваюцца даступнасць і якасць адукацыі, расце яе аўтарытэт у грамадзян краіны. Разам з тым ёсць і рэзервы для яе паляпшэння і далейшага развіцця.

"Нам неабходна з удзелам грамадскасці, педагагічных калектываў, бацькоў правесці комплекснае і ўсебаковае вывучэнне ўсіх звёнаў адукацыйнай сістэмы, выявіць існуючыя праблемныя пытанні і вызначыць шляхі іх вырашэння", – заявіў віцэ-прэм'ер. Ён таксама падкрэсліў, што выпрацаваныя працоўнай групай прапановы будуць улічаныя пры дапрацоўцы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Гэта дазволіць стварыць прававое поле для ўдасканалення сістэмы адукацыі на дадзеным этапе і на перспектыву.

На думку намесніка прэм'ер-міністра, пільнай увагі патрабуюць пытанні эфектыўнага інтэлектуальнага і фізічнага развіцця навучэнцаў, працоўнага выхавання дзяцей, неабходнасці фарміравання прыкладнога, практыка-арыентаванага зместу адукацыі на ўсіх узроўнях падрыхтоўкі.

Анатоль Тозік у рамках работы групы таксама прапанаваў абмеркаваць пытанні эфектыўнасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў і павышэння прэстыжу іх працы, пераходу на нарматыўнае фінансаванне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, пераемнасці ў атрыманні адукацыі на розных узроўнях, развіцця прыватна-дзяржаўнага партнёрства і іншыя.

Прапановы па пытаннях развіцця і ўдасканалення адукацыі можна накіроўваць на спецыяльны паштовы адрас Урада Рэспублікі Беларусь оbrazovanie [at] government [dot] by, на Нацыянальны адукацыйны партал www.adu.by (раздзел "Інфалінія"). Свае прапановы можна даслаць і на паштовы адрас рэдакцыі "Настаўніцкай газеты" (220013, Мінск, пр-т Незалежнасці, 77), а таксама дасылаць па электроннай пошце info [at] nastgaz [dot] by.

Крыніца: сайт Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (http://www.edu.gov.by/)