Унесены змены ў Правілы прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спецыяльнай адукацыі

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №130 ад 20 сакавіка 2014 г. унесены змены ў Правілы прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Сярод асноўных новых асаблівасцяў:

- адмена асобнага конкурсу сярод выпускнікоў гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі;

- пашырэнне мэтавага набору – Міністэрствам адукацыі ўстаноўлена абмежаванне па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях да 60% ад кантрольных цыфр прыёму; па астатніх спецыяльнасцях да 40% ад кантрольных цыфр прыёму;

- магчымасць паступлення без уступных іспытаў на некаторыя спецыяльнасці педагагічнага накірунку для асобаў, узнагароджаных залатым, срэбраным медалём, або скончыўшым установу сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай;

- тэрміны прыёму дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі, прыёму экзаменаў і залічэння ўстанаўліваюцца Міністэрствам адукацыі;

- пры рэалізацыі аўтаматызаванага залічэння конкурс па рашэнні Міністэрства адукацыі можа праводзіцца па групе ўстаноў вышэйшай адукацыі;

- на месцы, вызначаныя кантрольнымі цыфрамі прыёму, якія застаюцца вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў, можа праводзіцца дадатковы набор, тэрміны і ўмовы якога вызначаюцца Міністэрствам адукацыі.

Новыя Правілы прыёму асобаў для атрымання  вышэйшай адукацыі I ступені і Правілы прыёму асобаў для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі можна спампаваць на нашым сайце.


06.04.2014