Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО» ўводзіць для абітурыентаў дадатковыя бясплатныя месцы

11.06.2015

У Міжнародным універсітэце «МІТСО» стане больш студэнтаў, якія навучаюцца бясплатна.

Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО» ў новым навучальным годзе ўводзіць 110 бясплатных месцаў - цяпер у Віцебскім і Гомельскім філіялах ВНУ таксама можна будзе вучыцца бясплатна.
 

«Ужо трэці год запар мы ўводзім бясплатныя месцы для самых паспяховых абітурыентаў, якія паступаюць на дзённую форму атрымання адукацыі, – кажа першы прарэктар Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Генадзь Падгорны. – У першы год мы ўвялі ў Мінску 15 месцаў з правам бясплатнага навучання і толькі на спецыяльнасць «міжнароднае права». Мы палічылі, што эксперымент атрымаўся, таму ў гэтым навучальным годзе павялічылі да 80 бясплатных месцаў, вылучыўшы на ўсе спецыяльнасці. Абітурыентаў 2015 чакаюць ужо 110 бясплатных месцаў на ўсіх спецыяльнасцях: 80 у Мінску і па 15 у нашых філіялах у Гомелі і ў Віцебску. Прэтэндаваць на іх змогуць абітурыенты, якія набяруць па суме ЦТ і сярэдняга бала атэстата не менш як 250 балаў. Гэта не бюджэтныя месцы, таму абавязковага размеркавання пасля заканчэння вучобы не плануецца. Аднак права вучыцца бясплатна студэнтам трэба пацвярджаць. Калі паспяховасць студэнта-бясплатніка па якіх-небудзь прычынах зніжаецца, права бясплатнага навучання пераходзіць да іншага студэнта, які дэманструе больш высокі ўзровень ведаў. Аб выніках першакурснікаў на дадзены момант казаць рана – яны толькі падышлі да летняй сесіі, але вось 7 цяперашніх другакурснікаў, якія паступілі на бясплатную форму навучання, па выніках леташніх сесій пацвердзілі свой высокі ўзровень падрыхтоўкі і працягнулі вучыцца бясплатна. Астатнія 8 студэнтаў, на жаль, саступілі сваё бясплатнае месца больш амбіцыйным студэнтам. Але ў гэтым навучальным годзе яны маглі палепшыць паспяховасць, вырвацца наперад і зноў прэтэндаваць на бясплатнае навучанне. На наш погляд, гэта пазітыўная практыка, паколькі ствараецца здаровая канкурэнцыя, павышаецца вучэбная матывацыя, што з'яўляецца перадумовай атрымання якасных ведаў».

Таксама хацелася б адзначыць: прыём дакументаў для ўдзелу ў конкурсе на бясплатнае месца праходзіць у універсітэце да 2 жніўня, у адрозненне ад набору на бюджэтныя месцы.

Нагадаем: у Міжнародным універсітэце «МІТСО», заснавальнікам якога з'яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў кіраўніцкага, эканамічнага і юрыдычнага профілю. У гэтым годзе ўстанова вышэйшай адукацыі адзначыла сваё 85-годдзе.