Ідзе рэгістрацыя на ЦТ

14.05.2015

Роўна праз месяц, 14 чэрвеня, экзаменам па беларускай мове пачынаецца цэнтралізаванае тэсціраванне. А зараз поўным ходам ідзе рэгістрацыя на ЦТ (будзе доўжыцца да 1 чэрвеня ўключна). Як паведамілі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, па стане на 12 мая ў краіне зарэгістравалася больш як 25 тысяч абітурыентаў, у тым ліку ёсць і тыя, хто будзе здаваць кітайскую мову. 
Пра тое, што трэба ведаць абітурыентам падчас рэгістрацыі і праходжання цэнтралізаванага тэсціравання, нам расказала першы намеснік дырэктара РІКВ Наталля Мікалаеўна ВАЙЦЯХОВІЧ.

— Скажыце Наталля Мікалаеўна, з чым было звязана з’яўленне на цэнтралізаваным тэсціраванні кітайскай мовы? Першыя выпускнікі школы, якія вывучаюць кітайскую мову як замежную, з’явяцца ў Беларусі толькі праз некалькі гадоў…
— Нам стала вядома, што ў краіне ёсць дзеці, якія ведаюць кітайскую мову і могуць здаваць яе пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў якасці замежнай. У сувязі з гэтым мы набралі калектыў аўтараў, і яны стварылі тэставыя заданні. Перыяд апрабацыі ўжо завяршыўся, і тэсты гатовы да выкарыстання. Пункт правядзення ЦТ па кітайскай мове будзе дзейнічаць у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.


Дарэчы, першыя выпускнікі айчыннай школы з веданнем кітайскай мовы з’явяцца ўжо ў наступным годзе. І хоць яны вывучаюць мову факультатыўна, дакладнай прывязкі паміж той мовай, якая вывучалася дзецьмі ў школе, і той, якую яны будуць здаваць на ЦТ, не існуе. У нас былі выпадкі, калі абітурыенты вывучалі ў школе нямецкую мову, а здавалі англійскую.

— У папярэднія гады абітурыенты павінны былі рэгістравацца на ЦТ самастойна, а з гэтага года рэгістраваць абітурыентаў дазволена іх сваякам. Пры якіх умовах гэта магчыма?
— Справа ў тым, што ў мінулыя гады даволі часта здараліся выпадкі, калі абітурыенты па прычыне розных акалічнасцей (службовыя камандзіроўкі, удзел у міжнародных спаборніцтвах і конкурсах, працяглая хвароба і г.д.) не маглі зарэгістравацца самі. У сувязі з гэтым зараз і з’явілася згаданая вамі норма, якая тычыцца не толькі рэгістрацыі, але і атрымання сертыфікатаў ЦТ. Дарэчы, летась падобная норма з’явіліся ў Правілах прыёму, калі прадстаўнікі абітурыента атрымалі права падаваць дакументы ў прыёмную камісію.
Калі абітурыент непаўналетні, то дакументы для рэгістрацыі можа падаць яго прадстаўнік, а калі абітурыент паўналетні — яго давераная асоба. Для гэтага патрэбен дакумент, які пацвярджае, што прычына, па якой абітурыента рэгіструе іншы чалавек, уважлівая. У адваротным выпадку ў рэгістрацыі будзе адмоўлена. Акрамя таго, прадстаўнік абітурыента павінен мець натарыяльна завераную даверанасць, свой пашпарт, а таксама ксеракопію дакумента, што пацвярджае асобу абітурыента, і квітанцыю аб аплаце за рэгістрацыю.

— Сёлета таксама быў рэгламентаваны парадак работы арганізацыйнай камісіі ў выпадку, калі абітурыент устараняецца ад праходжання цэнтралізаванага тэсціравання. Што гэта азначае на практыцы?
— Калі абітурыент завяршае работу над тэстам і здае бланкі адказаў, яго пропуск перакрэсліваецца і ставіцца адзнака “Тэсціраванне прайшоў”. Пазней ён мяняе гэты пропуск на адпаведны сертыфікат. Калі абітурыент парушыў умовы правядзення ЦТ (паспрабаваў скарыстацца тэлефонам ці шпаргалкай і г.д.), то ён аддае свой пропуск і на ім пішацца “Выдалены за парушэнне”. Аднак здараюцца і такія сітуацыі, калі ў працэсе праходжання тэста камусьці з абітурыентаў становіцца дрэнна. У кожным пункце тэсціравання дзяжураць медыцынскія работнікі, якія могуць засведчыць, што абітурыент сапраўды не можа працягваць работу над тэстам. У гэтым выпадку на пропуску пішацца “Тэсціраванне не прайшоў”. У пратаколе арганізацыйнай камісіі робіцца адпаведны запіс, і абітурыент атрымлівае права ўдзельнічаць у цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень (з гэтым жа пропускам і без дадатковай аплаты). Пры рэгістрацыі на рэзервовы дзень такі пропуск будзе падставай для допуску абітурыента на экзамен.
Акрамя таго, арганізацыйнай камісіі тычыцца яшчэ адна норма: бланк з незапоўненай вобласцю рэгістрацыі, калі ў ім не ўказаны імя і прозвішча абітурыента, не апрацоўваецца, і сертыфікат, адпаведна, не выдаецца. Усё ж такі бланк — гэта дакумент, і ён павінен быць аформлены на канкрэтнага чалавека.

— У гэтыя дні ў РІКВ адзін за другім праходзяць семінары для адказных арганізатараў ЦТ. Якія пытанні вы абмяркоўваеце?
— Справа ў тым, што ў нас кожны год праводзіцца ўлік усіх нестандартных сітуацый, якія здараюцца падчас рэгістрацыі і правядзення ЦТ. Таму мы збіраем арганізатараў з кожнага пункта тэсціравання, каб абмеркаваць, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Вядома, прадугледзець усе моманты немагчыма, але нам трэба быць гатовымі дзейнічаць хутка і на карысць абітурыентам.
Напрыклад, у мінулым годзе ў нас адзін абітурыент зламаў руку і на двух экзаменах быў у гіпсе. А на рэзервовым тэсціраванні, як вядома, дазваляецца здаваць толькі адзін тэст, таму гэта быў не выхад. Вырашылі, што трэба ствараць умовы для здачы ім ЦТ у асноўныя дні. У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце спецыяльна для гэтага абітурыента ўстанавілі зручны стол, каб ён змог нармальна працаваць. І, дарэчы, ён добра здаў іспыты і паступіў. Для інвалідаў-калясачнікаў мы таксама робім зручную рассадку, каб стварыць ім аптымальныя ўмовы для работы.
У мінулым годзе ўвогуле быў выпадак, калі абітурыент памылкова прыбег не ў свой корпус. Аднак арганізатары вельмі хутка сарыентаваліся, і адзін з іх на ўласнай машыне адвёз хлопца ў патрэбны корпус. І ён усё ж такі паспеў на экзамен. Пра ўсё гэта мы і расказваем на нашых семінарах, каб арганізатары ведалі, з якімі сітуацыямі яны могуць сутыкнуцца, і маглі прыняць правільнае рашэнне.

— Сёлета крыху зменшылася колькасць пунктаў рэгістрацыі і пунктаў правядзення ЦТ. Няма нараканняў на гэты конт?
— Сёлета ў нас 50 пунктаў рэгістрацыі і 51 пункт правядзення тэсціравання (раней было 58). Гэтага дастаткова, тым больш што колькасць абітурыентаў змяншаецца. Усе пункты ў нас добра размеркаваны геаграфічна, а ў кожным вялікім горадзе іх некалькі. Напрыклад, у Гродне абітурыентаў рэгіструюць універсітэт імя Янкі Купалы і аграрны. У мінулыя гады быў задзейнічаны яшчэ і медыцынскі ўніверсітэт, але сёлета вырашылі, што ў гэтым няма патрэбы. І ніякіх нараканняў на гэты конт няма.

— Тэхналогія цэнтралізаванага тэсціравання ўжо адпрацавана, аднак штогод да вас прыходзяць новыя абітурыенты, значыць, у некаторых з іх могуць узнікаць пытанні. Скажыце, Наталля Мікалаеўна, з якімі пытаннямі звяртаюцца абітурыенты ў РІКВ?
— Зараз большасць пытаецца пра рэгістрацыю на ЦТ. Калі пачнуцца экзамены — будуць пытанні пра іх. Дарэчы, многія цікавяцца рэзервовым днём. Хаця яшчэ ніхто нічога не прапусціў, а ўжо непакояцца, як туды трапіць.
Штогод паступаюць пытанні ад дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх бацькоў. Многія цікавяцца, калі яны фізічна не могуць запоўніць бланкі ЦТ, ці можа за іх гэта зрабіць іх прадстаўнік. Адказваем, што абітурыенты з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця маюць права здаваць унутраныя экзамены непасрэдна ва ўстанове адукацыі, і іх форма будзе адаптавана да магчымасцей абітурыентаў. У пунктах рэгістрацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця абавязкова папярэджваюць, што калі яны выберуць ЦТ, то трапяць пад агульныя патрабаванні.

— Што павінны ведаць абітурыенты, якія будуць рэгістравацца на цэнтралізаванае тэсціраванне?
— На рэгістрацыі, як і на самім тэсціраванні, абавязкова трэба мець дакумент, што сведчыць асобу: пашпарт, від на жыхарства або пасведчанне бежанца (іншыя дакументы, напрыклад, пасведчанне вадзіцеля, не разглядаюцца).
Хочацца таксама звярнуць увагу абітурыентаў на тэрміны дзеяння дакументаў. У мінулым годзе ў нас быў выпадак, калі абітурыент прыйшоў рэгістравацца, а тэрмін дзеяння яго пашпарта скончыўся больш чым 2 гады таму. Нават невядома, як ён жыў столькі часу з гэтым дакументам: калі пашпарт пратэрмінаваны, можна лічыць, што яго ўвогуле няма.
Калі ж абітурыент прыходзіць на рэгістрацыю з дзеючым пашпартам, але мы бачым, што яго дзеянне заканчваецца, напрыклад, 3 чэрвеня, то ў пункце рэгістрацыі абітурыента абавязкова пра гэта папярэдзяць і параяць як мага хутчэй замяніць дакумент. Бывае, напрыклад, дзеянне пашпарта заканчваецца адразу пасля ЦТ, тады мы раім дамаўляцца ў пашпартным стале аб паскоранай замене пашпарта і прыходзіць мяняць сертыфікаты да падачы дакументаў у прыёмную камісію. Дарэчы, такіх сітуацый з пашпартам нямала.

— А што да праходжання ЦТ, можна сказаць, што ў апошнія гады абітурыенты сталі больш дысцыплінаванымі?
— Сапраўды, выдаленняў стала менш. Што да спазненняў, то іх цяжка зафіксаваць. Не прыйшоў абітурыент на ЦТ, а па якой прычыне — мы не ведаем. Справа ў тым, што абітурыент можа ўвайсці ў аўдыторыю да таго моманту, пакуль не ўскрыты канверты з педагагічнымі тэстамі. Калі ж ён спазняецца, то фіксуецца няяўка.
Менш становіцца парушальнікаў, якія наўмысна псуюць бланкі адказаў (пішуць замест адказаў ненарматыўную лексіку і г.д). Мы з гэтым змагаліся вельмі доўга, а зараз уведзена норма, згодна з якой падобныя бланкі лічацца несапраўднымі.
Тэлефоны, недазволеныя калькулятары, шпаргалкі таксама сталі рэдкасцю. Абітурыенты зразумелі, што не праскочаць, і не рызыкуюць.
Паколькі многія абітурыенты праходзяць рэпетыцыйнае тэсціраванне, то тэхналогія ЦТ ім добра знаёма. Экзамен пачынаецца з таго, што абітурыенты рассаджваюцца па сваіх месцах і запаўняюць бланкі. Арганізатар у аўдыторыі тлумачыць усё, што тычыцца рэгістрацыі, расказвае, як адмяніць памылковыя меткі ў частках А і В. Пасля таго як усе запоўняць вобласць рэгістрацыі і апошні абітурыент атрымае бланк з заданнямі, пачынаецца адлік часу, адведзенага на экзамен. Час пачатку і заканчэння экзамену пішацца на дошцы. У аўдыторыі абавязкова ёсць гадзіннік. Акрамя таго, за 15 і за 10 мінут да заканчэння работы абітурыентаў папярэдзяць, што час заканчваецца.
Алгарытм дзеянняў кожнага ўдзельніка ЦТ дасканала прапісаны, калі яго прытрымлівацца, ніякіх праблем не будзе.

— У рэгіёнах рэпетыцыйнае тэсціраванне ўжо завершана, але ў абітурыентаў ёсць магчымасць праверыць свае веды непасрэдна ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў. Скажыце, як да вас трапіць?
— Вельмі проста. Трэба загадзя зарэгістравацца на нашым сайце, аплаціць тэсціраванне і прыйсці ў вызначаны час. У будныя дні мы пачынаем у 14 гадзін, а па суботах — у 11 раніцы. Адначасова тэсціраванне могуць праходзць 60 чалавек.
Мы праводзім і камп’ютарнае тэсціраванне, і звычайнае, на папяровых бланках. Калі ў мяне пытаюцца, як лепш, то я адказваю: калі вы адчуваеце недахопы ў ведах — ідзіце на камп’ютарнае тэсціраванне. Там можна адразу даведацца пра свой вынік, мы можам нават раздрукаваць яго (праўда, многія адмаўляюцца). Можна выканаць работу над памылкамі.
Пасля ёсць сэнс прайсці бланачнае рэпетыцыйнае тэсціраванне, дзе ўжо выкарыстоўваецца тэхналогія ЦТ. Гэта дапамагае зразумець, як яна працуе, і потым смялей ісці на экзамены.
У нас ёсць дзеці, якія ходзяць на тэсціраванне з 7 класа — і на камп’ютарнае, і на бланачнае. Многіх з іх я нават ведаю ў твар. Гэтыя дзеці ўжо прывыклі да фармату тэста, ведаюць, як працаваць з бланкамі адказаў, і камфортна ўспрымаюць атмасферу, у якой праводзіцца экзамен.
Сёння адна дзяўчынка спазнілася на тэсціраванне, і я ёй кажу: “Я вас правяду ў аўдыторыю, але майце на ўвазе, што на ЦТ такога не будзе”. Яна апраўдваецца, маўляў, вельмі доўга нас шукала. Але ж няма ніякай гарантыі, што абітурыенту ўдасца хутка знайсці патрэбны корпус, дзе праходзіць ЦТ. Таму мы стараемся гутарыць з абітурыентамі і данесці да іх тое, што цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта вельмі сур’ёзна.

— Дзякуй, Наталля Мікалаеўна, за гутарку.


Галіна СІДАРОВІЧ, "Настаўніцкая газета".
Фота Ксеніі ГРЫГОР’ЕВАЙ.