Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО» падпісаў Вялікую Хартыю Еўрапейскіх Універсітэтаў

28.09.2015

Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО» падпісаў Вялікую Хартыю Еўрапейскіх Універсітэтаў.

Міжнародны ўніверсітэт "МІТСО", першы сярод беларускіх ВНУ, падпісаў Вялікую Хартыю Еўрапейскіх Універсітэтаў. Падпісанне адбылося ў рамках міжнароднай канферэнцыі «Каштоўнасці пасля 2015 года: глабальны выклік універсітэтам і студэнтам», якая прайшла ў Балоньі (Італія) 17-18 верасня бягучага года.

У цырымоніі прынялі ўдзел генеральны дырэктар Еўрапейскай камісіі па адукацыі і культуры Хавіер Пратс Манэ; былы прэм'ер-міністр Італіі, экс-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Рамано Продзі; рэктар Балонскага ўніверсітэта Івано Дыяніджы. Міжнародны універсітэт «МІТСО» прадстаўляў першы прарэктар ВНУ Генадзь Падгорны.

Акрамя Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" ў гэты дзень, 18 верасня, Хартыю падпісалі яшчэ 25 ВНУ з усяго свету.

«Падпісанне Хартыі нашым універсітэтам з'яўляецца чарговым крокам у рэалізацыі прынцыпаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (Балонскага працэсу) і забяспечвае цэласнасць вучэбнай, інтэлектуальнай і навуковай працы ў навучальных установах і ў грамадстве. Тым самым умацоўваецца давер у адносінах паміж універсітэтамі на нацыянальным і глабальным узроўнях, – адзначыў Генадзь Падгорны».

 

Даведка:

Вялікая Хартыя Еўрапейскіх Універсітэтаў (Magna Charta Universitatum Europearum) прынята ў горадзе Балонья ў 1988 г. рэктарамі еўрапейскіх універсітэтаў. Гэта дакумент, які ставіць сваёй мэтай уніфікацыю адукацыйных сістэм, палітыкі развіцця еўрапейскай універсітэцкай супольнасці.

Хартыя – вынік прапановы, з якім у 1986 г. Балонскі універсітэт звярнуўся да вядучых універсітэтаў Еўропы. Ідэю стварэння і падпісання такога дакумента з энтузіязмам падтрымала навуковая, адукацыйная і палітычная эліта Еўропы. На сустрэчы ў Балоньі (чэрвень 1987 г.) дэлегаты з 80 еўрапейскіх універсітэтаў абралі раду з васьмі членаў – кіраўнікоў вядучых еўрапейскіх універсітэтаў і прадстаўнікоў Савета Еўропы для распрацоўкі праекта хартыі, які быў складзены ў Барселоне ў студзені 1988 г.

Хартыя была адкрыта для падпісання ўніверсітэтамі ў гонар 900-годдзя Балонскага ўніверсітэта. На дадзены момант яна падпісаная 776 універсітэтамі з усяго свету. Лік універсітэтаў, якія падпісалі Хартыю, павялічваецца з кожным годам.

Вялікая Хартыя Універсітэтаў з'яўляецца адлюстраваннем той жыццёва важнай ролі, якую ўніверсітэты адыгрываюць у развіцці еўрапейскіх гуманістычных традыцый і сусветнай цывілізацыі. У ёй таксама сцвярджаецца, што фундаментальныя прынцыпы і прывілеі, звязаныя з акадэмічнай свабодай і інстытуцыйнай аўтаноміяй, надзвычай важныя для ўніверсітэтаў, і што няўхільнае захаванне гэтых каштоўнасцяў служыць на карысць асобных супольнасцяў і чалавецтва ў цэлым.