Згодна з п.35 Правіл прыёма для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені, некаторымі ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі будзе праведзены дадатковы набор на бюджэтныя месцы, якія застануцца вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў.
Паводле Пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2015 г. № 18, устаноўлены наступныя тэрміны прыёму дакументаў пры ажыццяўленні дадатковага набору:
- ва ўстановах адукацыі "Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь", "Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь", "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь", "Камандна-інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, "Гомельскі інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, "Інстытут памежнай службы Рэспублікі Беларусь" – з 24 па 26 ліпеня;
- ва ўстановах адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў", "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі", "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў" – з 30 па 31 ліпеня;
- у іншых дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі – з 26 па 28 ліпеня.
Прывядзем некаторую інфармацыю па ўстановах вышэйшай адукацыі, у якіх мяркуецца правядзенне дадатковага набору на вакантныя бюджэтныя месцы.
Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В. Сухога аб'яўляе дадатковы набор на дзённую форму атрымання адукацыі па шэрагу спецыяльнасцяў механіка-тэхналагічнага і машынабудаўнічага факультэтаў. Варта адзначыць, што афіцыйны сайт гэтай установы адукацыі паведамляе аб 100% забеспячэнні іншагародніх студэнтаў першага курса інтэрнатам.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны» будзе праводзіць дадатковы набор на спецыяльнасць "Лясная гаспадарка" дзённай формы навучання.
Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (г. Горкі, Магілёўская вобл.) будзе ажыццяўляць дадатковы набор на спецыяльнасці дзённай формы навучання "Аграномія" і "Заатэхнія".
Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (г. Магілёў) аб’яўляе дадатковы набор на вакантныя месцы па дзённай форме навучання па спецыяльнасцях "Аўтамабілебудаванне", "Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне", "Тэхналогія машынабудавання", "Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці", "Абсталяванне і тэхналогіі зварачнай вытворчасці", "Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў", "Аўтамабільныя дарогі" і "Аўтаматызаваныя электрапрыводы".
У Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя А.Д. Сахарава (г. Мінск) будзе ажыццяўляцца набор на вакантныя месцы па спецыяльнасцях "Медыцынская фізіка" і "Ядзерная і радыяцыйная бяспека".
Адзначым, што цалкам завершаны прыём на бюджэтныя месцы па дзённай форме атрымання адукацыі ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.
Паводле матэрыялаў Web-сайтаў прыёмных камісій УВА, агенцтва БЕЛТА, сайта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь