Кодэксам Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі» прадугледжана магчымасць навучання па адукацыйных праграмах вышэйшай адукацыі I-й ступені, якія забяспечваюць атрыманне кваліфікацыі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, інтэграваных з адукацыйнымі праграмамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Пры гэтым тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі I-й ступені асобамі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, можа быць скарочаны ўстановай вышэйшай адукацыі па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Шматлікія беларускія вну ўжо шмат гадоў вядуць навучанне студэнтаў, якія раней скончылі сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы па роднаснай спецыяльнасці, у скарочаныя тэрміны. У залежнасці ад спецыяльнасці, тэрмін навучання ў вну паводле праграм са скарачэннем тэрміна навучання, можа паменшыцца на 1-1,5 гады, што з'яўляецца досыць прывабным для абітурыентаў па наступных прычынах:
- магчымасць хутчэй прыступіць да працы як дыпламаванаму спецыялісту з вышэйшай адукацыяй і апраўдаць панесеныя выдаткі на адукацыю;
- скарачэнне фінансавых выдаткаў на адукацыю (пры платным навучанні);
- відавочная рэалізацыя прынцыпу «адукацыя праз усё жыццё», калі навучанне на II-й ступені прафесійнай адукацыі пераходзіць (ці працягваецца) па абранай прафесіі, але ўжо на больш высокім узроўні.
- магчымасць сумяшчаць сваю прафесійную дзейнасць і навучанне ў выпадку навучання па завочнай форме.