Спецыяльнасці сферы радыёэлектронікі, электрааўтаматыкі і праграмавання – выбар для тых, хто глядзіць у будучыню

Адным з асноўных драйвераў навукова-тэхнічнага прагрэсу на працягу ўсёй гісторыі з'яўляецца імкненне чалавецтва да ўдасканалення тэхнічных механізмаў і прыстасаванняў.  У сучасным свеце немагчыма адшукаць галіну чалавечай дзейнасці, у якой не выкарыстоўваліся б разнастайныя сістэмы, распрацаваныя спецыялістамі ў сферы радыёэлектронікі, электрааўтаматыкі і праграмавання. Гэта шматлікія мабільныя прылады, сістэмы малой аўтаматызацыі, мадэмы, роўтэры і сістэмы сувязі, стацыянарныя і мабільныя медыцынскія апараты, сістэмы жыццёзабеспячэння, навігацыйныя і радыёлакацыйныя сістэмы, робаты і мехатронныя сістэмы, сістэмы аддаленага кіравання і кантролю, прамысловае электраабсталяванне з электрапрыводамі і шмат што іншае. На аснове праграмаваных радыёэлектронных сродкаў пабудаваны шматлікія сучасныя тэхнічныя прылады, якімі мы карыстаемся штодзённа: мабільныя тэлефоны, камп'ютары і планшэты, сеткавыя кантролеры, тэлевізары, фотаапараты, майнеры крыптавалют, і шмат што іншае.  Каб усвядоміць хуткасць, з якой прылады радыёэлектронікі замяняюць у нашым жыцці іншыя віды тэхнічных прылад, варта прыгадаць толькі простую статыстыку: сярэдні штогадовы прырост рынку прылад радыёэлектронікі у свеце складае каля 8,7%, а сучасная сям'я штогод выдаткоўвае толькі на абнаўленне хатняй электронікі ў сярэднім суму, большую за 400 долараў ЗША.

Вядома, што па гэтых аб'ектыўных прычынах попыт на спецыялістаў у сферы радыёэлектронікі, электрааўтаматыкі і праграмавання павялічваецца. У Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В. Сухога адной з асноўных кафедр, якая рыхтуе такіх спецыялістаў, з'яўляецца кафедра "Прамысловая электроніка". Кафедра адказвае за падрыхтоўку інжынераў па спецыяльнасцях "Прамысловая электроніка" і "Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах".

Адметнасцю падрыхтоўкі спецыялістаў на дадзеных спецыяльнасцях з’яўляецца перш за ўсё выразная арыентаванасць на практычную інжынерную дзейнасць. Студэнты, атрымаўшы неабходны падмурак ведаў па фізіцы і матэматыцы, ужо пачынаючы з першага курса займаюцца ў спецыялізаваных лабараторыях кафедры, дзе набываюць неабходныя практычныя веды. Такім чынам, адначасова з адукацыйным працэсам, большасць студэнтаў, поруч са спецыялістамі кафедры, удзельнічае ў вырашэнні інжынерных і навуковых задач для розных прадпрыемстваў і арганізацый.

 12  3 4 5 6 7 9 8 10

Акрамя навучальных лабараторый, дзе праводзяцца планавыя лабараторныя заняткі, на кафедры «Прамысловая электроніка» функцыянуе студэнцкая  навучальна-даследчая лабараторыя «Радыёаматар». Склад студэнцкай лабараторыі фарміруецца з ліку студэнтаў і магістрантаў кафедры.                                                    

Пад кіраўніцтвам спецыялістаў кафедры студэнты займаюцца мантажом электронных вузлоў для макетаў і эксперыментальных узораў прылад, якія распрацоўваюцца ў ходзе навукова-тэхнічных распрацовак кафедры; ажыццяўляюць мантаж і праверку працаздольнасці прылад, якія распрацоўваюцца ў дыпломных і курсавых праектах; праводзяць эксперыментальныя даследаванні схемных вузлоў падчас падрыхтоўкі да экзаменаў, залікаў, навукова-тэхнічных канферэнцый. Лепшыя распрацоўкі студэнтаў прадстаўляюцца на ўніверсітэцкіх, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах і выставах.

У дадатак да навучальнага працэсу, кафедрай штогод праводзіцца шэраг мерапрыемстваў для студэнтаў і абітурыентаў. Конкурс тэхнічнай эрудыцыі "Політэхнічная крыжаванка" для студэнтаў універсітэта штогод праводзіцца ў канцы лютага і  прымяркоўваецца да Міжнароднага Дня роднай мовы.

Штогадовая алімпіяда па радыёэлектроніцы традыцыйна праводзіцца ў красавіку-маі ў фармаце асабістага спаборніцтва сярод патэнцыяльных абітурыентаў факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм. Пераможца і прызёры алімпіяды ганаруюцца прызамі ад факультэта, кафедры і традыцыйнага спонсара – групы кампаній "Политех".

100       200

Навучальны працэс і тэхнічная творчасць – асноўныя складнікі выхавання сапраўднага маладога спецыяліста. Але ў студэнцкім графіку пры жаданні лёгка знаходзіцца час і для культурных мерапрыемстваў, і для заняткаў спортам. У выніку атрымліваецца паўнавартаснае яскравае студэнцкае жыццё, якое запамінаецца ўсімі сваімі гранямі.

11 12 13 14 15 16 17 18 19 20                         


28.07.2020