У 2015 годзе на бюджэтныя месцы ў ВНУ плануецца прыняць 27,9 тыс. абітурыентаў — на адну тысячу менш у параўнанні з планам папярэдняга года. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ падчас анлайн-канферэнцыі «Уступная кампанія — 2015» на сайце БЕЛТА. Кіраўнік галоўнага адукацыйнага ведамства даў адказы на многія пытанні, якія хвалююць абітурыентаў і іх бацькоў напярэдадні ўступнай кампаніі.
Па рашэнні Міністэрства аховы здароўя, прыём на бюджэтную форму навучання на медыцынскія спецыяльнасці скароціцца на 85 месцаў. На спецыяльнасці культуры і мастацтва (па рашэнні Міністэрства культуры) набор зменшыцца на 60 чалавек. Затое Міністэрства абароны плануе набраць на бюджэт на 254 чалавекі больш. На спартыўныя спецыяльнасці набор павялічваецца на 30 месцаў, на сельскагаспадарчыя — на 22 месцы. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях таксама павялічвае колькасць бюджэтных месцаў (на 21 чалавека).
Як адзначыў міністр, зусім новых спецыяльнасцяў вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе няшмат. Так, Магілёўскі ўніверсітэт харчавання ўпершыню прапануе абітурыентам спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» (у харчовай прамысловасці). Спецыяльнасць «нацыянальная эканоміка» адкрыта ў Беларускім эканамічным універсітэце, «геаінфармацыйныя сістэмы» — у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Полацкім універсітэце. Разам з тым ануляваны асобны напрамак спецыяльнасці «геаграфія» — «геаінфармацыйныя сістэмы», паколькі адкрыта такая спецыяльнасць.
Змены ў пераліку экзаменаў
Міністр адукацыі нагадаў, што па некаторых спецыяльнасцях былі зменены профільныя выпрабаванні. Напрыклад, асобы, якія паступаюць на спецыяльнасць «пачатковая адукацыя», будуць здаваць у гэтым годзе біялогію і гісторыю Беларусі (раней яны здавалі матэматыку і гісторыю Беларусі, прычым галоўнай профільнай дысцыплінай была менавіта матэматыка.) Пры паступленні на групу спецыяльнасцяў «права» трэба здаваць грамадазнаўства і замежную мову (раней матэматыку), на «грамадскае харчаванне» — хімію (раней фізіку) і матэматыку.
Правіламі прыёму прадугледжваецца, што абітурыенты здаюць пры паступленні тры ўступныя іспыты: рускую або беларускую мову (на выбар) і два профільныя прадметы, якія адпавядаюць пэўнай групе ці профілю (кірунку) вышэйшай адукацыі першай ступені.
«Мы былі абавязаны на падставе правілаў прыёму вызначыць пералік груп спецыяльнасцяў і адпаведных ім профільных выпрабаванняў не пазней чым за 10 месяцаў да пачатку рэгістрацыі на ЦТ. Пастанова Мінадукацыі №91 аб уступных іспытах на 2015 год была зацверджана яшчэ 1 ліпеня 2014 года і шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі», — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў.
Таксама па некаторых спецыяльнасцях змяніліся профільныя прыярытэты. Скажам, на спецыяльнасці «фармацыя» галоўнай профільнай дысцыплінай будзе лічыцца хімія, а другой — біялогія, па ўсіх іншых медыцынскіх спецыяльнасцях галоўным профільным прадметам з’яўляецца біялогія, а хімія — толькі другім.
Тэрміны прыёмнай кампаніі
Усе дакументы, якія рэгламентуюць правядзенне ў 2015 годзе ўступнай кампаніі, знаходзяцца сёння на юрыдычнай экспертызе і будуць апублікаваны ў найбліжэйшы час.
З мэтай больш поўнага задавальнення патрэб абітурыентаў былі перагледжаны тэрміны прыёму абітурыентаў на месцы за кошт сродкаў бюджэту і прыёму на платнай аснове. У параўнанні з 2014 годам на 2 дні падоўжаны тэрмін прыёму дакументаў на бюджэт — з 8 па 15 ліпеня (а ўступныя іспыты ва ўстановах вышэйшай адукацыі пройдуць з 16 па 21 ліпеня), — патлумачыў начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі міністэрства Сяргей Раманюк.
Дадатковы набор на дзённую бюджэтную форму навучання будзе ажыццяўляцца з 26 па 29 ліпеня. У ВНУ сілавых ведамстваў — з 24 па 27 ліпеня, а ў творчых ВНУ — з 30 ліпеня па 1 жніўня. Прыём дакументаў для навучання на платнай аснове завяршаецца 2 жніўня.
«Парогі» на ЦТ
У Савет Міністраў унесены праект пастановы, у якім прадугледжана павелічэнне аплаты за рэгістрацыю на ЦТ. Аплата будзе складаць 0,1 ад базавай велічыні. Сёння гэта 18 тысяч рублёў. Раней аплата рэгістрацыі не прывязвалася да базавай велічыні і шмат гадоў не змянялася (заставалася на ўзроўні 10 тысяч рублёў).
Таксама ўводзіцца норма, якая дазваляе падаваць дакументы на рэгістрацыю на ЦТ і атрымліваць сертыфікат прадстаўнікам абітурыента (у выпадку адсутнасці па ўважлівай прычыне такой магчымасці ў самога абітурыента). Раней рэгістравацца і атрымліваць сертыфікат абітурыенты павінны былі толькі асабіста.
Адказваючы на пытанне пра балы на ЦТ, якія прыраўноўваюцца да нездавальняючых адзнак, Сяргей Раманюк паведаміў, што ў параўнанні з 2014 годам зменены падыход да вызначэння ніжніх парогавых балаў ЦТ. Устаноўлены два парогавыя значэнні — для першага і другога профільнага выпрабавання. Пры гэтым ніжнія парогавыя значэнні па першым профільным прадмеце засталіся на ўзроўні 2014 года, а ніжнія парогавыя значэнні прахадных балаў па другім профільным прадмеце — на 5 балаў ніжэйшыя за тыя, што ўстаноўлены летась.
Так, у 2015 годзе нездавальняючымі баламі па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі — будуць балы ад 0 да 14. Па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі, замежных мовах — ад 0 да 19.
Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія пазначаны другой профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі лічацца балы ад 0 да 9; па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі, замежных мовах — ад 0 да 14. Па рускай і беларускай мовах нездавальняючыя адзнакі — ад 0 да 9 балаў.
Для тых, хто будзе паступаць у рамках дадатковага набору ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты дзяржаўных ВНУ, на спецыяльнасці «вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства», «сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый», «меліярацыя і водная гаспадарка», «аграінжынер», а таксама ў ВНУ Міністэрства ўнутраных спраў, непрахаднымі будуць ад 0 да 4 балаў.
Плануецца, што цэнтралізаванае тэсціраванне сёлета пройдзе з 14 па 27 чэрвеня. Рэзервовы дзень — 2 ліпеня. Акрамя таго, у адзін дзень (27 чэрвеня) плануецца здача двух прадметаў — сусветнай гісторыі найноўшага часу і геаграфіі.
Таксама ўпершыню ў пералік цэнтралізаванага тэсціравання ўключана кітайская мова.
Ільготы на педспецыяльнасцях
Па словах Міхаіла Жураўкова, сёлета захаваецца магчымасць паступлення на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў для залатых і сярэбраных медалістаў і пераможцаў абласных алімпіяд.
У гэты пералік увайшлі так званыя вострадэфіцытныя спецыяльнасці: «дашкольная і пачатковая адукацыя», «гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «біялогія», «хімія», «геаграфія», «матэматыка», «інфарматыка», «фізіка», «тэхнічная творчасць»,«беларуская мова і літаратура», «руская мова і літаратура», «тэхнічная праца і прадпрымальніцтва», «абслуговая праца», «выяўленчае мастацтва», «лагапедыя», «сурдапедагогіка», «тыфлапедагогіка», «алігафрэнапедагогіка», «сацыяльная педагогіка» і іншыя. Усяго ў спісе 22 спецыяльнасці, з імі можна азнаёміцца на партале Міністэрства адукацыі.
Кошт навучання
Многіх цікавіць і сума аплаты за навучанне. Ці павысіцца яна кардынальна?
— Кошт навучання зменіцца, асабліва для першага курса. Будзе змяняцца у краіне стаўка першага разраду — зменіцца і кошт навучання, але ў разы ён не павялічыцца дакладна, — запэўніў міністр адукацыі.
Міхаіл Жураўкоў таксама абверг сцвярджэнне, што расійскія грамадзяне, якія вучацца ў Беларусі, плацяць за сваё навучанне больш за беларусаў: «Расіяне маюць права паступаць у беларускія ВНУ на тых жа правах, што і нашы грамадзяне. Гэта значыць, што калі абітурыент з Расіі паспяхова здае цэнтралізаванае тэсціраванне, то праходзіць на бюджэт. Калі яму не хапае балаў, ён можа ісці на платнае навучанне — таксама на правах беларуса. І кошт навучання для расіяніна будзе такі ж, як і для беларуса. Акрамя таго, расіянам дадзена права навучацца як замежным грамадзянам, якія не здаюць пры паступленні ЦТ, а толькі праходзяць гутарку. Тады яны аплачваюць вучобу як іншаземныя грамадзяне. Часта гэтыя паняцці блытаюць, кажуць: «Я расіянін і плачу больш», але пры гэтым хітруюць, не прызнаюцца, што не здавалі ЦТ».
Беларусы, якія хочуць навучацца ў Расіі, у сваю чаргу здаюць Адзіны дзяржаўны экзамен. Гэта значыць, тут усё па-сумленнаму, лічыць міністр.
Аптымізацыя — справа не аднаго дня
Міхаіл Жураўкоў цвёрда заявіў, што ў найбліжэйшай будучыні колькасць вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не зменшыцца.
— Вядома, мы думаем над тым, як аптымізаваць сістэму адукацыі ў цэлым, у тым ліку сістэму вышэйшай адукацыі. І сеткавая арганізацыя навучання ў ВНУ пакажа, якія з іх застануцца ў цяперашнім выглядзе, а якія, можа быць, стануць структурнымі падраздзяленнямі больш моцных ВНУ, — растлумачыў міністр.
— Сеткавая арганізацыя азначае, што ўніверсітэты кааперыруюцца па профільным прынцыпе. Міхаіл Жураўкоў спадзяецца, што прафесура вядучых універсітэтаў будзе выязджаць у рэгіянальныя ВНУ або ўніверсітэты, у якіх навучаюцца студэнты па тых жа спецыяльнасцях, для чытання ім спецыяльных курсаў. Студэнты таксама будуць «мігрыраваць» унутры сеткі.
— Жыццё ёсць жыццё, выжывае самы моцны: калі ўніверсітэты не будуць імкнуцца да таго, каб павышаць якасць адукацыйнага працэсу, то мы будзем ставіць пытанне, каб яны былі не ўніверсітэтамі, а, напрыклад, інстытутамі ў складзе якой-небудзь вядучай ВНУ. Ці нават пераходзілі на прыступку ніжэй і станавіліся каледжамі, што, вядома, дрэнна. Але ў бліжэйшыя год-два не ставіцца пытанне аб закрыцці ўніверсітэтаў, — запэўніў кіраўнік міністэрства.
Надзея НІКАЛАЕВА, http://zviazda.by/