На два крокі наперад. Якія магчымыя змяненні чакаюць абітурыентаў Беларусі ў 2017 годзе?

Падчас будучай прыёмнай кампаніі Міністэрства адукацыі плануе захаваць «парогавыя» значэнні балаў на ЦТ, якія дазваляюць абітурыентам удзельнічаць у конкурсе на званне студэнта ВНУ, на ўзроўні 2015 года. Пра гэта на калегіі, дзе аналізаваўся набор абітурыентаў на ўсе ступені прафесійнай адукацыі, паведаміў першы намеснік Міністра адукацыі Вадзім БОГУШ.

Нагадаем, што сёлета для першай і другой профільных дысцыплін тэставыя балы, якія прыраўноўваюцца на цэнтралізаваным тэсціраванні да нездавальняючай адзнакі, былі дыферэнцаваныя. Скажам, калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія былі першай профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі прызнаваліся адзнакі ад 0 да 14 балаў. Станоўчым вынікам лічыліся 15 балаў і больш. А калі тыя ж дысцыпліны былі другім профільным іспытам, то планка патрабаванняў зніжалася, і абітурыенту дастаткова было набраць усяго 10 балаў.

Пры дадатковым наборы «парогавыя» значэнні прахадных балаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання заставаліся аналагічнымі асноўнаму набору. На вакантныя месцы маглі прэтэндаваць абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ, але мелі на руках патрэбныя сертыфікаты або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ.

На думку кіраўніцтва галоўнага адукацыйнага ведамства, дадатковы набор (другую ітэрацыю) можна было б пашырыць на ўсе спецыяльнасці не толькі дзённай, але і завочнай (у тым ліку дыстанцыйнай) і вячэрняй формаў атрымання адукацыі.

Міністэрства адукацыі ўжо накіравала ва ўрад свае прапановы па ўдасканаленні правілаў прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

У прыватнасці, прапануецца прадаставіць права паступлення на педагагічныя спецыяльнасці без уступных іспытаў выпускнікам профільных педагагічных класаў, якія маюць адзнакі 7 балаў і вышэйшыя па ўсіх школьных прадметах і не ніжэйшыя за 8 балаў — па вучэбных прадметах, прадугледжаных пры паступленні на спецыяльнасць педагагічнага профілю.

Ёсць прапанова прадаставіць права паступаць на завочную платную форму навучання без абмежаванняў па наяўнасці і працягласці працоўнага стажу.

Таксама галоўнае адукацыйнае ведамства прапануе прызнаваць вынікі ЦТ сапраўднымі на працягу двух гадоў, уключаючы год здачы ЦТ. Гэта значыць, што абітурыент, якому не пашанцавала з паступленнем, зможа на наступны год паспрабаваць з тымі ж сертыфікатамі зноў паўдзельнічаць у конкурсным адборы.

Ужо неаднаразова прапаноўвалася дазволіць абітурыентам здаваць на ЦТ замест трох чатыры дысцыпліны, каб пашырыць іх магчымасці пры выбары спецыяльнасці і зменшыць шанцы застацца за бортам прыёмнай кампаніі. Скажам, пры паступленні на хімічны факультэт БДУ на спецыяльнасць «хімія лекавых злучэнняў» трэба здаваць хімію і біялогію, а на «хімію высокіх энергій» — хімію і матэматыку. І калі абітурыент не праходзіць па сваіх балах на вельмі запатрабаваную ў моладзі першую спецыяльнасць, то ён не можа падаць свае дакументы і на ўсе іншыя спецыяльнасці хімічнага факультэта. Дык чаму б ім не дазволіць здаваць і хімію, і біялогію, і матэматыку? Плюс для ўсіх застаецца абавязковае ЦТ па дзяржаўнай мове... Калі гэтая прапанова Міністэрства адукацыі будзе зацверджана, то абітурыенты 2017 года ўжо змогуць скарыстацца такой магчымасцю.

Таксама будзе прадугледжана некалькі рэзервовых дзён для здачы ЦТ, каб у абітурыентаў, якія захварэлі падчас «асноўнай хвалі», была магчымасць дагнаць упушчанае, або ў тых жа выпускнікоў расійскіх школ, якія не паспяваюць у чэрвені прыехаць у Беларусь і здаць ЦТ з-за сваіх экзаменаў, быў шанц паўдзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы.

Рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля БАРАНАВА прапанавала палепшыць інфармаванне абітурыентаў пра сітуацыю, якая складваецца з конкурсам. У апошнія гады, нагадаем, абнаўленне інфармацыі пра колькасць пададзеных дакументаў адбываецца кожныя тры гадзіны: у 9.00, 12.00, 15.00 і 18.00 штодня.

— Менавіта з гэтай мэтай у нашым універсітэце інфармацыя пра колькасць дакументаў, што падаюцца на ўсе спецыяльнасці, паступае да абітурыента ў рэжыме анлайн: гэта здымае шмат пытанняў, таму што абітурыенты могуць у любы зручны для іх час (у 10 гадзін, у 17, хоць ноччу) атрымаць самую актуальную інфармацыю і своечасова падрыхтавацца або да свайго поспеху, або да праблем, з якімі давядзецца сутыкнуцца, — падкрэсліла Наталля Баранава. — Мы лічым мэтазгодным укараніць у практыку працы прыёмных камісій інфармаванне абітурыентаў пра бягучы прахадны бал. Мы гэта спрабавалі рабіць, і мушу канстатаваць, што такая мера дапамагае зменшыць напружанне на востра запатрабаваных у абітурыентаў спецыяльнасцях у апошнія дні. Скажам, калі я бачу, што ў мяне 300 балаў, а бягучы прахадны бал ужо 304, значыць, у мяне ёсць час вызначыцца з тым, што рабіць далей.

Рэктар МДЛУ лічыць не зусім правільным закрываць для абітурыентаў статыстыку падачы дакументаў у 15.00 — за тры гадзіны да закрыцця прыёмных камісій.

— Раскажу, што адбываецца ў гэтыя тры гадзіны ў нашым універсітэце. У прыёмнай камісіі сітуацыя максімальна абвастраецца: абітурыенты хвалююцца, нават плачуць, прычым нервуюцца прэтэндэнты не з самымі нізкімі баламі, а з баламі, якія набліжаны да прахаднога. У мяне, напрыклад, 304 балы, а я бачу, што прахадны бал будзе паміж 300 і 310. І што мне рабіць? Прывяду рэальны прыклад: за тры гадзіны да закрыцця прыёмнай камісіі прахадны бал на аддзяленне кітайскай мовы ў нас зменшыўся з 366 да 321, таму што абітурыенты на ўсялякі выпадак забралі свае дакументы і падалі іх на спецыяльнасць па асноўнай замежнай мове, якую яны вывучалі ў школе. А кітайскую мову вырашылі выбраць ужо другой замежнай мовай для вывучэння.

Рэктар лінгвістычнага ўніверсітэта прапанавала таксама прадастаўляць больш падрабязную статыстыку па балах: пакуль што ў табліцах прыводзіцца колькасць абітурыентаў з баламі ў межах 300—310, 320—330, 340—350 і гэтак далей. Але для тых, хто паступае, гэтай інфармацыі недастаткова.

— Такая мера дазволіць зняць ажыятаж і выключыць памылковыя эмацыянальныя рашэнні не ў самых слабых абітурыентаў, а ў тых, хто мае суму балаў, крыху ніжэйшую за прахадны бал, — лічыць Наталля Баранава. — Мы ўжо спрабавалі гэта рабіць, і такое інфармаванне вельмі спадабалася абітурыентам: яны тут жа адзначылі яго перавагі ў электроннай перапісцы з прыёмнай камісіяй.

Надзея НІКАЛАЕВА, газета "Звязда"

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Марыны Бегунковай


12.01.2016