ПАРАДЫ ДЛЯ АБІТУРЫЕНТАЎ ПАДЧАС ПАДАЧЫ ДАКУМЕНТАЎ

Падчас уступнай кампаніі абітурыентам устаноў вышэйшай адукацыі важна ў сціслыя тэрміны прадпрымаць лагічныя і рацыянальныя дзеянні, якія павінны прывесці да дасягнення мэты – паступлення на пажаданую спецыяльнасць.
У сувязі з гэтым калектыў сайта abiturient.by, удзельнікі якога прадстаўляюць выпускаючую кафедру «Прамысловая электроніка» Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога, і маюць шматгадовы вопыт працы ў прыёмных камісіях, лічыць за неабходнае даць сёлетнім абітурыентам шэраг парадаў.

        Арт 4  Арт 5

     1. Звярніце ўвагу на слоган нашага рэсурса. «КІМ БЫЦЬ?» – «ДЗЕ ВУЧЫЦЦА?» – «ЯК ПАСТУПІЦЬ?». Менавіта ў такой паслядоўнасці мы раім вам разважаць над выбарам сваёй будучыні. Спачатку  акрэслівайце сваю пажаданую будучую галіну дзейнасці (добра, калі вы гэта ўжо зрабілі колькі гадоў таму!), і звязаную з гэтым спецыяльнасць, потым вызначайцеся з установай вышэйшай адукацыі, і, нарэшце, апошняй вырашайце задачу «тэхналогіі» паступлення.                  

     2. Калі цікавая для вас спецыяльнасць, або напрамак падрыхтоўкі ёсць у некалькіх установах вышэйшай адукацыі Беларусі, паспрабуйце размеркаваць свой час так, каб наведаць усе гэтыя ўніверсітэты. Вельмі добра, калі вы гэта ўжо зрабілі ў рамках Дзён адчыненых дзвярэй, якія ў гэтым навучальным годзе праводзіла кожная ўстанова вышэйшай адукацыі. Але нават і за той час, які адведзены на падачу дакументаў, можна паспець аб’ехаць усе цікавыя для вас універсітэты.

        Арт 2  

     3. Памятайце, перад падачай дакументаў у прыёмную камісію, мэтазгодна атрымаць у тэхнічнага сакратара прыёмнай камісіі разгорнутую кансультацыю не толькі па усім цікавым вам спектры спецыяльнасцей, але і па напаўненні кожнай спецыяльнасці – гэта сфера прафесійнай дзейнасці будучага спецыяліста, набор дысцыплін вучэбнага плана, якія будуць вывучацца, прадпрыемствы, на якія найбольш імаверна працаўладкаванне пасля заканчэння навучання.

        Арт 5

     4. Калі гэта магчыма, абавязкова наведайце выпускаючую кафедру ўстановы вышэйшай адукацыі, якая адказвае за падрыхтоўку па цікавай вам спецыяльнасці. Менавіта выпускаючая кафедра будзе рыхтаваць вас непасрэдна па блоку спецыяльных дысцыплін, кіраваць курсавымі і дыпломнымі праектамі, а таксама будзе дапамагаць вам знайсці першае працоўнае месца. Ад узроўню кваліфікацыі выкладчыкаў выпускаючай кафедры, укамплектаванасці яе вучэбна-лабараторнай базы, якасці арганізацыі на ёй дадатковых адукацыйных і навуковых мерапрыемстваў, конкурсаў, студэнцкіх аб’яднанняў, і будзе залежыць ваш узровень пры пераходзе ў статус маладога спецыяліста-выпускніка.

     5. Калі цікавы вам універсітэт знаходзіцца ў іншым горадзе, і вам падчас будучай вучобы будзе неабходны студэнцкі інтэрнат, знайдзіце час, каб наведаць гэты інтэрнат, і на месцы азнаёміцца з умовамі пражывання ў ім.

     6. Не адкладайце свой першы візіт у прыёмную камісію на апошні дзень падачы дакументаў. Абавязкова вазьміце з сабой увесь неабходны набор дакументаў, і наведайце прыёмную камісію за 3-4 дні да заканчэння прыёму дакументаў, з тым, каб не толькі атрымаць падрабязную кансультацыю, але і паказаць тэхнічным сакратарам прыёмнай камісіі для праверкі ўсе свае дакументы. Здараюцца сітуацыі, калі тыя ці іншыя вашы дакументы аформлены неадпаведна правілам, і будзе патрабавацца іх замена, або карэкціроўка. Прыбыўшы ў прыёмную камісію ў апошні дзень падачы дакументаў з такімі дакументамі, вы фактычна пазбавіце сябе магчымасці паспець прывесці іх у належны стан.

        Арт 1

Спадзяемся, што нашы парады будуць вам не лішнімі, і жадаем дасягнуць сваёй мэты – набыць статус студэнтаў па абраных вамі спецыяльнасцях ва ўстановах вышэйшай адукацыі!


13.07.2025